Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

0 234

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы лютаўскія нумары  старых газет.

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Уваход ў кінатэатар «Кастрычнік», Баранавічы 1952-54 гг. Да вайны будынак узводзілі як каталіцкі храм. Фота з калекцыі Руслана Равякі

Kurier Nowogródzki

2 лютага

Як выехаць у Бразілію з Баранавіч

Пасля шматлікіх пытанняў людзей, якіх цікавіць выезд у Бразілію, дзяржаўны камітэт пасрэдніцтва працы ў Баранавічах інфармуе, што для работы ў гэтай краіне могуць выехаць тыя асобы, што маюць запрашэнне адтуль (так званае “termo de fianco” альбо “termo de responsabilidade”). Гэтыя дакументы выдаюцца бразільскімі ўладамі і сертыфікуюцца бліжэйшымі польскімі амбасадамі.

Калі ж такое запрашэнне не было сертыфікавана польскай амбасадай, то выязджаючы павінен мець яшчэ карту выкліку, на падставе якой будзе выдадзены загранічны пашпарт.

Незалежна ад гэтага ў Бразілію без карты выкліка могуць выязджаць эмігранты. Яны павінны мець з сабою пасля аплаты кошту праезду 200 даляраў ЗША з самотнай асобы. Калі едзе сям’я, дык яна павінна мець па 200 даляраў на кожную асобу старэйшую за 12 год. На дзяцей да 12 год трэба мець па 120 даляраў.

Адзначаецца, што калі эмігранты змогуць атрымаць ад Міністэрства працы Бразіліі адмысловы ліст, дык ім хопіць мець толькі палову пазначаных вышэй сум.

Бразільская віза каштуе 30 злотых (курс на люты 1932 – 8,9 злотых за 1 даляр) з пашпарту, білет 2-га класа да Бразіліі каштуе 950 злотых для дарослага, дзецям узростам ад 1 да 5 год – 237,5 злотых, ад 5 да 10 год – 475 злотых, праезд дзяцей старэйшых за 10 год аплачваецца па поўнаму тарыфу. Сям’я можа правезці адно немаўля ўзростам да году бясплатна.

4 лютага

Суд над шпіёнам

3 лютага ў Баранавічах адбылося паседжанне палявога суда па справе жыхароў Клецка Яна Няміры і Яна Бобка, абвінавачаных у шпіёнстве на карысць чужой дзяржавы. Пасля разгляду справыы суд пакараў абодвух на бестэрміновае зняволенне ўзмоцненага рэжыму.

5 лютага

Баль-маскарад на карысць беспрацоўных у Баранавічах

1 лютага ў залі кінатэатра “Casino” адбыўся баль-маскарад, арганізаваны Таварыствам сем’яў паліцэйскіх пад кіраўніцтвам пані Алены Галоўка. Зала, шчыльна запоўненая грамадскасцю, сведчыла пра традыцыйную папулярнасць, якая тычыцца большасці імпрэзаў, арганізаваных Таварыствам сем’яў паліцэйскіх.

У тлуме танцуючых вельмі мілае ўражанне рабіў карагод шматлікіх разнастайных і неверагодных масак, якія вельмі ўдала выступілі на першым такім балі-маскарадзе, што адбыўся ў Баранавічах. Дагэтуль тут праводзіліся толькі звычайныя карнавалы. Танцы адбываліся пад гукі аркестру гарадской пажарнай каманды.

На мерапрыемстве прысутнічалі афіцыйныя асобы: пан стараста Юры Неўгебаўэр, віцэбурмістр, пан інжынер А. Віннік, а таксама прадстаўнікі Таварыства.

А другой гадзіне ночы карагод масак правальсаваў па залі пад гукі маршу, пасля чаго адбылося галасаванне дзеля вызначэння першай і другой узнагароды за самыя выбітныя маскі. У выніку галасавання першае месца атрымала маска “Шахматная каралева” пані Соф’і Аўгустовіч. Другое месца ў маскі “Заваёўніца сэрцаў” пані Надзеі Гурскай. У мілым і сімпатычным настроі ўсе бавіліся да ранку. Вынікам гэтай імпрэзы быў неспадзяваны прыбытак, які пасля аплаты ўсіх выдаткаў склаў суму болей за 500 злотых. З гэтай сумы 25% належыць павятоваму Камітэту па справах беспрацоўных, а рэшта – мясцоваму Таварыству сем’яў паліцэйскіх.

У той самы дзень адбыліся ў Баранавічах балы Таварыства дзяржаўных служачых разам з Аб’яднаннем школьных настаўнікаў, а таксама бал у залі кінатэатра “Longinus”, арганізаваны 78 пяхотным палком. Усе яны таксама карысталіся папулярнасцю, а 25% ад іх прыбытку было перададзена Камітэту па справах беспрацоўных у Баранавічах.

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Купон на зніжку сеткі кінатэатраў «Casino» на фільм з гукам «Хам» на 4.02.1932.

Самагубца памерла страшнай смерцю

Жыхарка мястэчка Палонка – Шэйна Ёселевіч, падчас прыступу нервовай хваробы кінулася ў студню, дзе знайшла страшную смерць. Пра здарэнне неадкладна паведамілі пажарнай камандзе ў Баранавічах, адкуль адразу выехала машына з 6 пажарнымі. Праз 30 хвілін са студні глыбінёй 21 метр дасталі цела самагубцы. На дно студні апусцілі пажарніка Льва Зальмана, які з вялікімі цяжкасцямі здолеў дастаць цела загінулай.

6 лютага

Бестактоўны купец абразіў паліцыю

Тыдзень таму адбылося здарэнне, якое ўзрушыла ўсе Баранавічы. Выбрыкі экс-купца пана Антона Гадомскага, які кіруе крамай каланіяльных тавараў свайго брата Стэфана на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая) прывялі яго на лаву падсудных.

Адной раніцай Гадомскі дазволіў сабе адчыніць краму свайго брата ў гадзіны, якія забароненыя законам, і пачаў гандляваць, чым выклікаў незадаволенасць сваіх суседзей-купцоў. Лёс склаўся так, што ў гэты час каля крамы з’явіўся паліцыянт пан Міхаіл Ляшчынскі, які папрасіў Гадомскага спыніць гандаль і зачыніць памяшканне, інакш давядзецца скласці пратакол.

Гэта зачапіла Гадомскага за жывое, і ён пачаў сыпаць брыдкімі словамі як вар’ят, а напрыканцы, што могуць падцвердзіць шматлікія сведкі, прапанаваў Ляшчынскаму пацалаваць яго ў адно не вельмі прыстойнае месца на целе. Ясная справа, што гэта прывяло да складання адміністрацыйнага пратаколу і пратаколу аб парушэнні закону аб гандлі.

Справа пра абразу паліцэйскага на службе дайшла да суда. Запрошана шмат сведкаў. Аб судовым выраку мы паведамім пазней.

Горад Баранавічы і яго актуальныя балячкі

Горад Баранавічы, найбуйнейшы горад у Навагрудскім ваяводстве, мог бы спаборнічаць з самымі вялікімі гарадамі суседніх ваяводстваў, калі б толькі гэтаму спрыялі абставіны. Вось якія пажаданні я маю да айцоў гораду і нават некаторых яго жыхароў.

Група тых дабрадзеяў забылася, што да таго, як Кракаў стаў мураваным, быў шмат стагоддзяў драўляным. А нашым Баранавічам усяго толькі 50 год ад стварэння. Праўда яны досыць шырокія і цягнуцца ў розныя бакі амаль на 5 км, але апошні перапіс паказаў, што колькасць насельніцтва не дасягае нават 25 тысяч чалавек. У дадатак баранавіцкі люд мы не можам залічыць да заможных жыхароў гораду.

Найперш мясцовым уладам варта было б звярнуць увагу на мясцовую гаспадарку, якая амаль у кожнай галіне моцна кульгае. Бюджэт магістрату ўвесь час свеціць пусткамі ў выніку менавіта такой, а не іншай гаспадаркі, альбо кіраўнічыя органы пасля некалькіх нешчаслівых рашэнняў цалкам не даюць сабе рады.

Магістрат стаў крыніцай прыбытку толькі для некалькіх дзесяткаў прывілеяваных людзей і не дбае пра развіццё горада, а толькі намагаецца даць магчымасць зарабіць пэўнай групе барыгаў-фаварытаў, вызначаных самімі айцамі горада. Дамовы і стаўкі, якія штогод прыводзяць наш бюджэт да некалькіх дзесяткаў тысяч ці нават сотняў тысяч дэфіцыту складаюцца з-за з’яўлення “паразітаў горада” (прабачце за такі дакладны вобраз). Усё гэта раней ці пазней пакладзе горад на лапаткі. Калі лепей прыглязецца да гэтай мадэлі кіравання, можам заўважыць язвы, якія точаць цела самакіравання нашага горада.

Згадваючы гарадскую лазню, якая ўжо даўно працуе са стратамі, зачэпім мімаходам гарадскую Ахову здароўя разам са шпіталям, дзіцячым і старэчым прытулкамі. Год ад года іх дзейнасць дае ад 30 да 40 тысяч дэфіцыту гарадскому бюджэту. Затое яна дае працу і заробак шмат якім людзям, што маюць блізкі кантакт з гарадской Радай ці кіраўніцтвам горада.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на дазвол па збору аплаты за карыстанне гарадской нерухомасцю нейкаму пану Тартацкаму, жыхару Баранавіч, які заабавязаны толькі да рэгулярнай выплаты нейкай квоты з жылля. Тартацкі, не зважаючы на вялізныя высілкі з боку ўлады і грамадства па барацьбе з беспрацоўем, прыняў да сябе на працу некалькі чалавек, добра забяспечаных і пераважна заможных, гаспадароў і ўласнікаў кавярняў і нават чыгуначнікаў.

Усё гэта ўзгоднена з Магістратам. І калі селянін, што прывозіць у Баранавічы некалькі вазоў дроў ці будаўнічага дрэва, аплачвае падатак за праезд у 30 грошай, дык потым, калі ён спыняецца на доўгі час на вуліцы Сенатарскай (цяпер Горкага) ці Пілсудскага (Чырвонаармейская), падыходзіць да яго іншы зборшчык і патрабуе аплаты 50 грошай за карыстанне гарадской тэхнікай (ладная такая тэхніка). Кантралюе гэты працэс сын Тартацкага, апрануты ў шапку са срэбранымі шнурамі (быццам бы супрацоўнік падаткавай службы). Ён пільнуе, каб гэтае асаблівае права на аплату хутка было выканана. А наш Магістрат шчаслівы, што не трэба дурыць галаву такімі клопатамі, не бачыць ці хутчэй не хоча бачыць тых злоўжыванняў, што адбываюцца пад носам.

Такіх квіткоў у нас можна назбіраць цэлыя стосы. У выніку можам сцвярджаць, што такі стан гаспадаркі горада ў любым выпадку не можа існаваць. Жыхары Баранавіч павінны быць пазбаўленыя ад такога роду паразітаў, інакш нам пагражае эканамічны ўпадак. Падаткі, якія ўсё з большымі цяжкасцямі трапляюць у бюджэт горада, павінны выдаткоўвацца толькі на сапраўдныя патрэбы. Розныя пасрэдніцтвы павінны быць ліквідаваныя, а іх выканаўцы няхай шукаюць іншых дойных кароў.

Грамадства Баранавіч звяртаецца да надзорных органаў, каб тыя праверылі тайнікі гаспадаркі гарадскога кіравання і дапамаглі аздаравіць анамальныя стасункі, што тут пануюць. Тады, магчыма, бюджэт будзе весці горад да развіцця, а не да ўпадку, як цяпер адбываецца.

А-віч

 11 лютага

Бойка ў Каўпеніцы

Жыхара вёскі Вялікая Каўпеніца Малевіча моцна пабілі яго суседзі: Аляксей Галоўка і Аляксандр Кухта. Збітага ў непрытомным стане прывезлі ў баранавіцкі шпіталь, дзе дактары пацвердзілі пралом чэрапа.

Знікненне хлопца

Юстына Еўшэль, якая жыве ў Баранавічах на вуліцы Шырокай, 121 (цяпер Тэльмана), паведаміла, што некалькі дзён таму яе 8-мігадовы сын Ян пайшоў на вуліцу і не вярнуўся. Вядуцца пошукі дзіцяці.

12 лютага

Новае выданне ў Баранавічах

У апошнія дні на вуліцах Баранавіч пачала прадавацца новая газета “Baranowiczar Moment” на мове ды жыдоўскай. Рэдактар газеты М. Манскі, былы рэдактар нядаўна ліквідаванай газеты “Baranowiczar Leber”.

16 лютага

Дзейнасць Камітэту пабудовы касцёла

Праца над будаўніцтвам новага касцёла ў Баранавічах пад назваў у імя Каралевы Кароны Польскай рухаецца поўным ходам наперад, дзякуючы энергічным людзям, што ўваходзяць у Камітэт пабудовы касцёла ў Баранавічах. Пасля таго, як з’ехаў з горада былы шэф Камітэту і стараста горада Пжэпалкоўскі, новым старшынёй быў абраны генерал Станіслаў Гжмот-Скатніцкі, які з пэўным імпэтам аддаўся справе прыспешвання будаўніцтва касцёла. На месца ксяндза Валаска, віцэ-старшынёй абралі ксяндза-капелана Александровіча. Новае кіраўніцтва працягне пабудову храма, вынікі чаго на кожным кроку відавочныя. Цяпер Камітэт распачаў рассылку 10000 лістоў з “цаглінкамі” (паштоўка, якая даецца чалавеку пры ахвяраванні на касцёл сумы роўнай кошту адной цагліны). У кожным лісце маецца “цаглінак” на 500 злотых.

Фундамент пад гмах святыні збольшага ўжо скончаны. У гэты зімовы перыяд Камітэт назапашвае будаўнічыя матэрыялы, каб з вясны прыступіць да далейшай будовы. Некалькі дзён таму фонд Камітэта павялічыўся адразу на 1000 злотых, якія ахвяраваў на касцёл асабіста Юзэф Пілсудскі.

У бліжэйшы час Камітэт плануе прывезці ў Баранавічы дакументальны фільм пра Езуса Хрыста “Кароль з Каралёў”, які будзе паказаны ва ўсіх кінатэатрах горада. Увесь прыбытак ад фільма пойдзе ў фонд Камітэта. Зычым Камітэту далейшай плённай працы па будаўніцтве касцёла ў Баранавічах, адсутнасць якога вельмі адчуваецца тут.

17 лютага

Страшны пажар у Баранавічах

У ноч з 15 на 16 лютага на вуліцы Гувэра, 15 (цяпер Царука), у будынку Шымона і Ёхеля Ялінаў выбухнуў пажар, які з нялюдскімі высілкамі здолела патушыць мясцовая каманда пажарных. Акцыя паратунку ўскладнялася з-за моцнага марозу і адсутнасці вады. Па папярэдніх падліках страты ад пажару складаюць 20 тысяч злотых.

19 лютага

Новы падкідыш

На падворку прыюта “Наш дом” у Баранавічах была пакінута невядомай асобай дзяўчынка, прыкладна 5 год. Імя і прозвішча яе – не вядомае.

Канакрад у руках паліцыі

15 лютага на кірмашы ў Гарадзішчы ў жыхара Вялікай Сваротвы Міхаіла Фечка скралі каня з санямі, на якіх было 135 кг сала і паляндвіцы, агульным коштам 400 злотых. Хутка было выяўлена, што злодзей – нейкі Уладзімір Хвалько з Вялікага Сяла. Яго затрымалі разам са скрадзеным канем і санямі.

24 лютага

Псіхічна хворы самагубца

Хама Пулін, што жыў у Баранавічах на вуліцы Пілсудскага, 11 (цяпер Чырвонаармейская), некалькі год ужо пакутаваў ад псіхічнай хваробы. У апошні час ён некалькі разоў спрабаваў учыніць самагубства, але яго своечасова ратавалі суседзі. Нядаўна Пулін спрабаваў  скочыць у студню, але яму перашкодзілі гэта зрабіць. Праз некалькі гадзін пасля гэтага Пулін пайшоў на вуліцу Шасовую (цяпер Брэсцкая), дзе скочыў у студню глыбінёй 22 м, дзе і загінуў. Выкліканыя пажарныя паднялі са студні цела тапельца.

25 лютага

Смерць паўстанца 1863-64 гг

23 лютага ў асадзе Чарковішчы Сталовіцкага павету памёр Баляслаў Кулікоўскі, паручнік паўстанцаў 1863 года. Яму было 106 год. Падчас паўстання 1863 года ён прымаў удзел у бітвах з маскоўскім войскам пад Каўпеніцай і Мілавідамі.

Чытайце таксама: Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber,  Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Источник: www.intex-press.by

Get real time updates directly on you device, subscribe now.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.