Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года
Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы студзеньскія нумары старых газет.
Kurier Nowogródzki
9 студзеня 1932
Акцыя барацьбы з беспрацоўем у Баранавічах
Галоўны камісар Касы Хворых Навагрудскага ваяводства ў Баранавічах пан Аляксандр Ржэпецкі дамовіўся з лекарамі, якія пагадзіліся на бясплатную дапамогу беспрацоўным, зарэгістраваным у павятовым Камітэце па справах беспрацоўных.
Акцыі, якія праводзіць гэты Камітэт у Баранавічах, даюць выдатныя вынікі. Штодзённая лічба бясплатных абедаў кухнямі для беспрацоўных узрасла да 1000 абедаў. Падчас навагодніх свят кухні выдавалі павялічаныя порцыі.
Для кожнай кухні звыш ліміту было перададзена па бочцы селядцоў.
Бюджэт павятовага Камітэту ў Баранавічах неспадзявана павялічыўся на 500 злотых. Гэтую суму сабралі жыхары гораду для былога старасты Пжэпалкоўскага і перадалі яму падчас развітальнай сустрэчы. Ён ахвяраваў яе на беспрацоўных.
Крадзеж
Купец з Новай Мышы Ёхель Яфраімовіч купіў розных тавараў у Баранавічах на 140 злотых, а потым паклаў іх на фурманку незнаёмца, якую наняў, каб адвезці ўсё дахаты. Калі купец на кароткі час адышоў, фурман з’ехаў у невядомым накірунку разам з рэчамі Яфраімовіча.
12 студзеня
Віленскі злачынца на турнэ ў Баранавічах
На паштовым аддзяленні ў Баранавічах быў затрыманы на гарачым учынку, падчас кішэннага крадзяжу, нейкі Ян Якімовіч, жыхар Вільні. Схоплены віленскі злодзей вядомы пад рознымі мянушкамі, як Пачэпка, Каплеўскі, Раплеўскі і Фларыян Раўбо. Як выявілася, Якімовіч 9 разоў быў пакараны за кішэнныя крадзяжы і цяпер знаходзіцца ў вышуку следчымі органамі з Гродна.
15 студзеня
Колькасць насельніцтва
Паводле апрацаваных дадзеных другога агульнапольскага перапісу насельніцтва (праводзіўся ў 1931 годзе), у Баранавіцкім павеце жыве 160806 чалавек. У саміх Баранавічах пражывае 22796 чалавек. Гэтыя лічбы могуць нязначна змяніцца пасля выніковых праверак падліку.
17 студзеня
Няшчасны выпадак
Некалькі дзён таму ў дзяржаўным лесе пад Русінамі (Русіно) быў прывалены дрэвам падчас нарыхтоўкі лесу жыхар вёскі Русіны Канстанцін Пятроўскі. Перавезены ў непрытомным стане да павятовага шпіталю ў Баранавічах ён памёр, так і не ачуняўшы. Адбылося праз уласную неасцярожнасць Пятроўскага.
Смерць у студні
У вёсцы Залужжа (Крывошынскай гміны) жыхарка вёскі Марыя Выдрык, падчас калі паіла каня, паслізнулася і звалілася ў студню. З-за таго, што ў гэты час нікога не было на падворку, не атрымала яна своечасовай дапамогі і патанула.
Крадзяжы
За ўчарашні дзень у Баранавічах зарэгістравана 6 дробных крадзяжоў, а таксама крадзеж 6 курэй і 2 пеўняў Ганны Чубровіч (вул. Рынкавая, 34 – цяпер Фралянкова).
21 студзеня
Смяротнае пакаранне шпіёна
Учора пасля абеду на падворку турмы ў Баранавічах быў выкананы смяротны вырак адносна малочніка Стаўпцоў Аляксандра Морды, прызнанага вінаватым у шпіёнстве на карысць Саветаў.
Экзекуцыю выканаў кат Мацэеўскі ў прысутнасці судовай і паліцэйскай улады. Перад смерцю Морда паяднаўся з Богам і дарогу з камеры да месца павешання прайшоў спакойна, без дапамогі аховы турмы.
Пад пагрозай відэльца
Некалькі дзён таму з пастарунка паліцыі прыйшоў Міхаіл Шафт, што жыве на вуліцы Каляёвая, 64 (цяпер Вільчкоўскага), і паведаміў, што на рынку на вуліцы 3 мая ў лаўцы, якая належыць Кадуковай, падышоў да яго невядомы і, пагражаючы відэльцам, хацеў у яго забраць гадзіннік.
Праведзенае следства выявіла наступнае. У сапраўднасці Шафт быў у лаўцы Кадуковай разам з Янам Русаком, які жыве на завулку Свяцілавіцкім, 9 (цяпер вуліца Свяцілаўская). Яны селі за столік і замовілі сабе “моцнай”. У пэўны момант паміж імі адбылася спрэчка, падчас якой Русак ударыў свайго таварыша відэльцам. Потым абодва разышліся ў розныя бакі, праклінаючы адзін аднаго. Міхаіл Шафт вырашыў паведаміць аб няўдалым рабунку ў паліцыю, каб стварыць свайму былому таварышу праблемы. У выніку расследавання пратакол паліцыі быў складзена на абодвух, а Шафта ў дадатак прыцягнулі да судовай адказнасці за ўвод у зман органаў бяспекі.
Крадзяжы
Да Марыі Лапінавай, якая ішла вуліцай Пілсудскага (цяпер Чырвонаармейская) у Баранавічах, падбег адзін тып, выхапіў адну з торбаў, што яна несла, і кінуўся ўцякаць. На лямант абрабаванай мінакі затрымалі злодзея і перадалі яго ў рукі паліцыі. Выявілася, што гэта — жыхар Лясной, 17-гадовы Баляслаў Кобус. Яго перадалі ў распараджэнне судовых уладаў.
23 студзеня
Таямнічае знікненне жанчыны
Вечарам 16 студзеня выйшла з кватэры ў горад 38-гадовая жыхарка Баранавіч Вольга Сямбідава і дасюль не вярнулася. Таямнічым знікненнем жанчыны займаецца паліцыя. Выгляд жанчына наступны: бландзінка з шэрымі вачыма, сярэдняга росту, кульгае на правую нагу. Была апранутая ў зялёны берэт, чорнае паліто і чорныя боцікі.
31 студзеня
Сыход баранавіцкага бурмістра
Учора адбылося ў будынку Магістрата ў Баранавічах надзвычайнае пасяджэнне Гарадской рады, на якім тагачасны бурмістр горада Стэфан Сянкоўскі адмовіўся ад сваёй пасады. Выбары новага бурмістра адбудуцца на працягу лютага.
Чытайте таксама: Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931
Если статья не открывается, включите пожалуйста VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber, Instagram, ВКонтакте или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.
Источник: www.intex-press.by
Комментарии закрыты.