Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

0 465

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведалася Intex-press, пагартаўшы лістападаўскія нумары старых газет.

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Вуліца Міцкевіча (цяпер Леніна) і Шаптыцкага (Савецкая). Фота зроблена з будынку друкарні. Бачны старыя могілкі і помнік Невядомаму салдату. Міжваенная польская паштоўка.

Kurier Nowogródzki

3 лістапада

Кім быў прэзідэнт Гувэр для Баранавіч

У адной з газет нядаўна быў надрукаваны фельетон, дзе аўтар кпіў з назвы вуліцы ў Баранавічах, названай у гонар амерыканскага прэзідэнта Гувэра.

Хацелася б нагадаць, калі Баранавічы не цярпелі голаду пасля Першай сусветнай вайны, а былі адзетыя і накормленыя, дык павінны быць удзячны менавіта Гувэру. Гэта з яго ініцыятывы і ласкі ішлі ў Баранавічы цягнікі з ежай, вопраткай і абуткам.

Павярховы дом каля пляцу Легіянэраў (пляц у Вайсковым гарадку, цяпер забудаваны дзіцячым садком і 5-ціпавярховікамі паміж вул. Заслонава і Ракасоўскага) , а таксама вялікі дом на Шаптыцкага, 4 (Савецкая) служылі складамі. У Баранавічах існаваў “Камітэт дапамогі дзецям”, працавалі кухня ў горадзе і казармах (Вайсковы гарадок) для рэпатрыянтаў, па навакольных вёсках раздавалі прадукты, бялізну і адзежу для людскіх патрэб. Усё гэта дзякуючы волі прэзідэнта Гувэра. Складамі і раздачай усяго кіраваў у Баранавічах амерыканец, імя якога я забылася, разам з грамадою мясцовых людзей. А ў 1920 годзе прыехалі з ЗША сюды нашыя землячкі-самарыцянкі ў асобах пані Марты Грачык і пані Станіславы Мухі.

Як доўга трывала акцыя апекі Амерыкі над Баранавічамі, акрэсліць я не магу. Але маю ўражанне, што скончылася яна толькі ў 1925 годзе.

Таму слушна, што ў Баранавічах ёсць такая сціплая згадка пра прэзідэнту ЗША. Шкада, што ў горадзе не ўсталявалі хаця б маленькага помніка Гувэру з удзячным надпісам на табліцы.

пані А. Шалевіч

4 лістапада

Таблетка з атрутай у торбе кандуктара

Чыгуначны кандуктар Браніслаў Скуратовіч, які жыве ў Баранавічах на вуліцы Сенатарскай, 133 (цяпер Чырвонаармейская), паведаміў паліцыі ў пастарунку на станцыі Баранавічы-Палескія, што, едучы ў цягніку Лунінец-Баранавічы, знайшоў у сваёй дарожнай торбе паміж прадуктамі таблетку шэрага колеру, якая выклікала ў яго падазрэнне. Скуратовіч падазрае, што таблетку падклаў яму працоўны па змазцы, які ехаў у тым самым цягніку, нейкі Асінскі з Баранавіч, які такім чынам хацеў яго атруціць. Таблетку перадалі мясцоваму лекару для даследавання.

Эпілог крывавай забавы ў Каўпеніцы

У ліпені моладзь Каўпеніцы ладзіла ў адной з мясцовых хат вячоркі. На забавы прыйшоў і жыхар вёскі 26-гадовы Канстанцін Васілевіч разам са сваёй нарачонай Ганнай Васілевіч, якая адораная прыгажосцю цешылася вялікай увагай прысутных. Пекная танцорка забаўлялася да позняга вечара, а тым часам яе нарачоны, палаючы рэўнасцю, зладзіў для яе пэўную неспадзяванку. Ён выйшаў з хаты, дзе адбывалася вечарына, а потым вярнуўся, хаваючы нож у рукаве.

У пэўны момант, пад гукі вясковых музыкаў, калі стомленыя пары працягвалі танчыць, Васілевіч пагасіў святло ў памяшканні, а сам падышоў да нарачонай і 12 разоў ударыў нажом ёй у грудзі. Дзяўчына з жахлівым крыкам здолела выбегчы яшчэ на двор, дзе павалілася трупам. Забойца ўцёк з месца злачынства і некалькі дзён хаваўся ў лесе паблізу. Але потым быў схоплены паліцыяй і патрапіў на лаву падсудных. Акруговы навагрудскі суд на выязным паседжанні ў Баранавічах асудзіў Васілевіча да 10 год строгай турмы.

Трагедыя рамізнікаў

Агульны застой паміж рамізнікаў (извозчик – русск.) адбываецца ў Баранавічах з-за хуткага павелічэння колькасці таксовак. У Баранавічах аднаконкі рамізнікаў збіраюцца ў адным месцы на скрыжаванні вуліц Шаптыцкага і Уланскай (Савецкай і Штакераў) і тут гадзінамі чакаюць пасажыраў, часцей за ўсё безвынікова. Аб вялікіх падарожжах няма і гаворкі. Цяпер кожны пасажыр хоча ехаць аўтобусам, чым трэсціся па бруку дрындай. Таму нашыя рамізнікі ад бяздзеяння, каб неяк забіць час, выдураюцца рознымі спосабамі.

Нядаўна адзін з іх, Ян Ломжа, з нуды папрабіваў нажом заднія колы ў возе, які належыць яго сутаварышу па нядолі, рамізніку Мікалаю Бобку, які не зразумеў жарт і напісаў заяву ў паліцыю.

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Гандлёвая школа ў Баранавічах. Цяпер — Музычная вучэльня. Фота: Kurier Nowogródzki 12-11-1931

5 лістапада

Крадзяжы

З тытунёвай крамы Андрэя Гібоўскага на вул. Віленская, 28 (Гагарына), скралі 80 кг махоркі на агульную суму 1120 злотых.

За 4 лістапада ў Баранавічах зарэгістраваныя два выпадкі крадзяжу яблык і гусей ды адзін выпадак збіцця.

Здзьмула ровар з-пад стараства

Якаб Фісон, які жыве на вуліцы Шаптыцкага (Савецкая), прыехаў да будынка стараства на новенькім ровары фірмы Witter і, не прадчуваючы нічога кепскага, паставіў яго каля муроў будынку, а сам пайшоў у канцылярыю па справах прыватных. Гэтай аказіяй адразу ж скарыстаўся злодзей, які здзьмуў ровар да таго, як Фісон вярнуўся з канцылярыі.

8 лістапада

Бензінавая станцыя ў Баранавічах

Па меры развіцця гораду павялічваецца і аўтамабільны рух у ім. Гэта прывяло да адкрыцця першай бензінавай аўтазапраўкі. Гэты прывілей атрымала фірма Standart-Nobel, якая за невялікую арэндную плату з 1926 года карысталася манаполіяй па продажы бензіна. Сёлета падаткі для яе выраслі, а ўмовы змяніліся, але яна і надалей будзе карыстацца манаполіяй у Баранавічах.

Гэтая адзіная станцыя далася ў знакі многім з розных пунктаў гледжання. Не можа яна абслужыць усе аўтамабілі, якіх у Баранавічах робіцца ўсё больш.  Да таго ж уласнікі машын могуць трапіць у ласку ці ў няміласць да супрацоўнікаў станцыі, якія карыстаюцца бензінавай манаполіяй у сваіх мэтах.

Пяць год, да красавіка гэтага года, станцыяй кіраваў пан Канстанцін Віторскі, якім былі незадаволены многія, але баяліся пра тое казаць, каб не страціць працы. Сёлета фірма Standart-Nobel зацікавілася бліжэй дзейнасцю Віторскага, і ў выніку ён быў звольнены са сваёй пасады. Аднак да судовай адказнасці яго не прыцягнулі, бо яго дзеянні не адбіліся яскрава на інтарэсах самой Standart-Nobel…

Цярпелі збольшага тут самі кліенты, бо пан Віторскі прымушаў сваіх падначаленых ашукваць людзей на вазе пры продажы нафтапрадуктаў. Большая частка грошай, што такім чынам атрымлівалася, пераходзіла самому Віторскаму. Падначаленыя за маўчанне і неданясенне ў цэнтральнае кіраўніцтва атрымлівалі ад Віторскага невялікія прэферэнцыі, а некаторыя нават рабіліся яго супольнікамі. На пасаду складу ён узяў свайго пляменніка Мачульскага. Пасля гэтага павялічыліся скаргі кліентаў на неадпаведнасць вагі ў купленых прадуктах, аднак Віторскі ўсе гэтыя праблемы трымаў у сваіх руках і разбіраўся з імі. Гэткае круцельства некалі павінна было адкрыцца, таму Віторскі прыняў у сваю групоўку падначаленага Гаўрыленю, якога з часам павысіў на розных пасадах, прымушаючы пры гэтым дзяліцца паловай заробка. Гэткім чынам Віторскі у выпадку чаго можа пазбегнуць адказнасці і знаходзіць ахвярнага казла. Так дзейнічае Віторскі і ў Навагрудку, дзе ён на станцыі на такое самае становічша прызначыў пана Рамерчыка.

Аднак праведзеная праверка цэнтральнай камісіі Standart-Nobel на станцыі выявіла недакладнасці, і Віторскі быў звольнены са сваёй пасады. Цяпер толькі яго брудныя справы ўсплываюць на паверхню. Гэтай справай зацікавіўся пракурор і набліжаецца той час, калі ўсе цёмныя справы Віторска стануць вядомымі, бо ўсё больш людзей пачынаюць расказваць аб гэтым.

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Рэклама Gillette. Kurier Nowogródzki 22-11-1931

11 лістапада

Вайна з гарэлкаю

Вазьміце ўсе ўстановы харчавання ў Баранавічах, дзе нельга прадаваць алкаголь. У іх яго заўсёды можна знайсці. Ведае пра гэта паліцыя і ведаюць установы, што збіраюць падаткі. Стомленыя безвыніковым змаганнем з абмежаваным пакаранням ад 100 злотых да трох месяцаў арышту мясцовыя ўлады часам махаюць на гэта рукою. Няхай п’юць, абы без авантур. Перамагчы патаемны продаж — гэта сізіфава праца. Калі ўжо Амерыка не можа ў сябе даць рады (гаворка пра сухі закон і мафію ў ЗША), што казаць пра Баранавічы!

Але, як выявілася з практыкі, алкаголікі і прадаўцы алкаголю — людзі не зусім далікатныя і не разумеюць прыгожыя жэсты ўлады. Хутчэй наадварот. Таму калі цярпенне скончваецца, падатковыя службы пачынаюць пагром. Судны дзень.

Быў нядаўна такі ў Баранавічах. Для гэтага нанялі адмысловага чалавека, які за свае паслугі мог напіцца адразу ў некалькіх па чарзе ўстановах . Узнагарода высокая і прэстыжная, пры гэтым дзяржава не панесла ніякіх страт: усе выдаткі “аплачвалі” піўніцы і бары. Шчаслівым абраннікам лёсу стаў Юрый Праўка, экс-капітан расійскага войска. Цяпер беспрацоўны.

Акцыя змагання з нелегаламі адбывалася планава і энергічна. Беспрацоўны экс-капітан уваходзіць. Зімна. Пацірае рукі. Гэтага дастаткова для паразумення. Першы кілішак колам, другі саколам, селядзец… Трах – у дзвярах стаіць пан інспектар Жвіровіч. Пратакольчык і енкі. Цяпер ідзі пан Праўка да “Крэсовага бару”… Першы колам… Цяпер, пан, накіроўваемся да піўбару на Садовай (цяпер Міцкевіча), 87…

Экс-капітан накачаўся на пару тыдняў наперад, разагрэты дзякаваў сваім добразычліўцам – дай Бог ім здароўя. А “Крэсовы”, Садовая, 87, і іншыя ўстановы былі прыцягнуты да судовай адказнасці. Хутка справа: па тры месяцы арышту.

На наступны дзень пасля суда чыталі мы ў газетах: на Юрыя Праўку (жыве на Прыкашаравай, 16 цяпер Ўстрэчная) быў здзейснены напад на вуліцы. Нападальнік некалькі раз моцна ўдарыў яго ды пашкодзіў сківіцу.

У той самы вечар ва ўсіх згаданых баранавіцкіх установах можна было купіць гарэлкі. Змучаныя безвыніковым змаганнем з алкаголем падатковыя службы разважаюць, што лепей: шукаць новага Праўку ці выдаць дазволы на продаж.

13 лістапада

Смерць знакамітага лекара

Другога дня ў Баранавічах раптоўна памёр вядомы ў горадзе гінеколаг — доктар Сцепужынскі, які ўжо некалькі год хварэў на склероз. Пасля яго смерці горад страціў знакамітага лекара, які шмат зрабіў тут у справе медыцыны. (У наступным нумары было паведамленне, што доктар не памёр, а толькі цяжка захварэў, што стала падставай для чутак аб яго смерці ў горадзе.)

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Абвесткі дактароў скураных і венерычных хваробау Венжыка і Кагана. Kurier Nowogródzki 22-11-1931

17 лістапада

Спрытны злодзей у ролі пацярпелага

У вёсцы Гінцавічы Навамышскай гміны скралі авёс з закрытага хлява. Адразу пасля гэтага тыя самыя злодзеі спрабавалі ўламацца ў хлеў Міколы Антанюка, але былі выкрытыя і мусілі ўцякаць, кінуўшы на падворку каня з возам. Злачынцы збеглі ў невядомым накірунку, за імі выправілася пагоня.

Тым часам у Баранавічах адзін з патрульных паліцэйскіх сустрэў на вуліцы п’янага чалавека, якога даставіў у пастарунак. Пасля высвятленне асобы выявілася, што гэта Аляксандр Цыкман, жыхар вёскі Літва, прафесійны злодзей. Калі ён працверазеў, дык нарабіў гвалту, што, калі быў на рынку ў нецвярозым стане, у яго скралі каня і воз. Апісанне было ідэнтычным з тым канём і возам, што кінулі злодзеі на падворку Антанюка. Але падчас допыту Цыкман не здолеў патлумачыць, пры якіх абставінах у яго скралі каня з возам і нават не мог акрэсліць прыкладны час здарэння. Таму яго пачалі падазраваць, што браў чынны ўдзел у крадзяжы з узломам у Гінцавічах. Цыкмана затрымалі ў камісарыяце, а яго справу разглядае пракурор, які жыва ўзяўся за спрытнага зладзейчыка.

18 лістапада

Абеззаражанне тэлефонных апаратаў

У Баранавічах расклеілі абвестку магістрата, дзе надрукавана пастанова навагрудскага ваяводы пра  дэзынфекцыю ўсіх тэлефонных апаратаў. Адбываецца гэта згодна з пастановай пана прэзідэнта.

З абвесткі вынікае, што абаненты нясуць адказнасць за свае апараты, адмова ад дэзынфекцыі будзе карацца штрафам у 100 злотых ці трыма днямі арышту. Кантраляваць гэта будуць санітары і паліцыя.

Абеззаражанне тэлефонных апаратаў праходзіць ужо па ўсёй краіне. На ўсходзе Польшчы Баранавічы першы горад, дзе гэта адбудзецца. Гэта слушная і патрэбная акцыя па ахове здароўя грамадзян, якая дазволіць пазбавіцца пераносу заразных хвароб і асабліва сухотаў.

Аддзел па дэзынфекцыі тэлефонаў у Баранавічах размясціўся па адрасе: ул. Віленская, 69 (Гагарына), тэлефон, 172. Аддзел ужо прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, знайшоўшы паразуменне ў мясцовых жыхароў.

Крадзеж каштоўнага партрэту

Мойша Літоўскі, настаўнік баранавіцкай гімназіі, што здымае пакой на вуліцы Садовай, 3 (цяпер Міцкевіча) у доме пана Гіна, паведамі ў паліцыю аб крадзяжы партрэту. У ім Мойша хаваў тры долары 3-й серыі.

У партрэце таксама захоўваліся 20 рублёў расійскіх у золаце і адна банкнота вартасцю 20 долараў ЗША. Партрэт увесь час ляжаў у валізцы. Праглядаючы апошні раз валізку, Літоўскі заўважыў адсутнасць каштоўнага партрэту і паведаміў пра тое ў паліцыю, ацаніўшы страты ў 500 злотых.

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Навучальная ўстанова «Наш дом» у Баранавічах. Старэйшая група дзяўчат за працай у залі ручной работы. Kurier Nowogródzki 21-11-1931

27 лістапада

Дапамога беспрацоўным з Баранавіцкага павету

Сталі вядомы вынікі працы Камітэту па справах беспрацоўных у Баранавічах. Жыхары нашага павету вельмі станоўча аднесліся да справы і збору дапамогі. Першым чынам было сабрана на тэрыторыі павету для беспрацоўных 115 488 кг бульбы. З іх 8 вагонаў (87 867 кг) даслалі ў Радамль, астатняе захоўваецца на складах Камітэту.

Найбольш ахвяравалі наступныя асобы: В. Гурскі (маёнтак Развадова) – 576 кг, А. Лянчэўскі-Самотыя (маёнтак Сычэўкі) – 420 кг, А. Хмялеўскі (маёнтак Арабінаўшчына) – 420 кг, Т. Шалевіч (маёнтак Калдычэва) – 600 кг, М. Катарбінскі (маёнтак Дарава) – 160 кг, Бр. Бохвіц (маёнтак Паўлінава) – 800 кг, К. Бітнерава (маёнтак Навасады) – 750 кг, Б. Давідоўскі (маёнтак Лазаўцы) – 288 кг, Я. Порай-Навіцкі (маёнтак Гацішча) – 644 кг, Я. Бекер (маёнтак Сухарэўшчына) – 320 кг.

Дробныя земляробы ахвяравалі: в. Лабузы – 464 кг, в. Нагорная — 248 кг, в. Вашкаўцы – 348 кг, в. Гірава — 380 кг, в. Сваяцічы – 210 кг, в. Башкі – 210 кг, в. Пірштукі – 330 кг, в. Дрэкі — 125 кг, в. Федзюкі – 764 кг, в. Рамашкі – 75 кг і г.д.

Як стала вядома, Камітэт па справах беспрацоўных у бліжэйшую нядзелю, 29 лістапада, разгорне ў Бараначавіх тры кухні для харчавання беспрацоўных.

Інфармацыйнае бюро на вакзалах

Па даручэнні бурмістра горада інж. Вінніка кіраўніцтва чыгункі арганізавала Інфармацыйныя бюро на станцыях Баранавічы-Палескія і Баранавічы-Цэнтральныя. Па інфармацыю да іх можна звяртацца па тэлефоне, а таксама асабіста.

Крадзеж футра ў магістраце

Некалькі дзён у Баранавіцкім магістраце працуе рэвізійная камісія, у склад якой уваходзіць радны Макс Блашынскі, вядомы ў нас купец металалому бронзы. Пазаўчора ён прыбыў у Магістрат і, зайшоўшы ў кабінет лаўніка Мукасея, зняў каштоўнае футра вартасцю каля 2000 злотых і павесіў на вешалку ў кабінеце. Пасля невялікай размовы з лаўнікам Блашынскі пайшоў на трэці паверх, дзе працавала рэвізійная камісія.

Тым часам лаўнік Мукасей ненадоўга выйшаў з кабінету, ды, не прадчуваючы нічога кепскага, пакінуў дзверы адчыненымі. Як выявілася, за тую хвіліну ў кабінет зайшоў нейкі непрыстойны госць і, пабачыўшы, што нікога тут няма, зняў з вешалкі футра і сышоў з ім, нікім не заўважаны.

Спакойна прайшло некалькі гадзін працы рэвізійнай камісіі. Радны Блашынскі ізноў прыходзіць у кабінет лаўніка Мукасея і тут спыняецца як укопаны. Каштоўнага футра ўжо не было на вешалцы. У першы момант Блашынскі з дабрадушнай усмешкай звярнуўся да Мукасея, лічачы, што нехта з яго пажартаваў, ды схаваў футра. Але неўзабаве быў непрыемна здзіўлены. Пошукі футра не прынеслі вынікаў, яно прапала, як камень кінуты ў ваду. Было затрымана некалькі асоба па падазрэнні, але на след футра так і не выйшлі.

Смяротны вырак для шпіёна

25 і 26 лістапада ў Баранавічах Хуткі суд разглядаў справу шайкі шпіёнаў, якая была ліквідавана службай бяспекі ў гэтым месяцы і якая дзейнічала ў Стаўбцоўскім, Нясвіжскім і Баранавіцкім паветах. Пасля разгляду справы трыбунал вынес прысуд 7 шпіёнам: пакараць Нікіфара Цвірку, Мітрафана Казея, Яна Борыса, Мікалая Тараковіча, Анатоля Каціцкага, Яна Сараковіка і Аляксандра Скачко да смяротнага пакарання праз павешанне.

Абарона апратэставала пастанову і падала пану прэзідэнту Рэчы Паспалітай прашэнне аб змякчэнні пакарання.

Яшчэ адзін падсудны Маскалік уцёк у Расію. Некаторых асуджаных абвінавацілі ў шпіянажы з 1926 году. Згодна следства, яны прадалі ў CCCР планы чыгуначных станцый Баранавіч, Слоніма, Стаўбцоў, Гарадзеі, Пагарэльцаў і іншыя дадзеныя. Выйшлі на іх тады, калі яны самі прапанавалі польскай выведцы свае паслугі, абяцаючы прадаць савецкія дадзеныя. Аднак выявілася, што іх дакументы былі фальшывыя і сфабрыкаваныя савецкай разведкай. Прыпёртыя да сцяны, асуджаныя ва ўсім прызналіся. Усе яны – жанатыя (апошні абзац з газеты польскай сацыялістычнай партыі “Robotnik”).

28 лістапада

Як павесілі 7-х шпіёнаў у Баранавічах

Учора раніцай быў выкананы вырак Хуткага суду ў Баранавічах, які пакараў сем бальшавіцкіх шпіёнаў карай смерці праз павешанне. Прозвішчы пакараных былі змешчаны ў папярэднім нумары. Пасля выраку асуджаныя звярнуліся да пана прэзідэнта, аб змякчэнні пакарання, які такой ласкай не скарыстаўся. Таму 27 лістапада а 9.25 пачалася панурая экзекуцыя.

На месца прыбылі абодва пракуроры, праваслаўны святар Лапатынскі, начальнік турмы, намеснік каменданта паліцыі ды два ката. А менавіта — намеснік Маціюўскага (Стэфан Маціюўскі – першы афіцыйны кат у міжваеннай Польшчы) і яго памочнік. Іх прозвішчы наша рэдакцыя не даведалася. Усе згаданыя сабраліся на надворку турмы, дзе і адбылася экзекуцыя. Працягвалася яна да першай гадзіны па поўдні.

На надворку стаялі тры шыбеніцы, але вешалі толькі па двое асуджаных за раз. Іншыя ў гэты час сядзелі ў камерах. Першым пакаралі Борыса, які ўвесь час да канца шчыра маліўся. Усе асуджаныя таксама мелі магчымасць спавядацца, акрамя Цвіркі, які адмовіўся размаўляць са святаром. Паводзілі сябе асуджаныя агулам спакойна. Апошнім, ужо самотным, быў пакараны Казей, чыгуначнік з Баранавіч. Акт аб кары быў падпісаны а 14-й гадзіне. А 15-й гадзіне пакараных пахавалі.

Трэба адзначыць, што судовыя ўлады дазволілі сваякам асуджаных апошняе спатканне. Толькі раніцай, пасля прыезду катаў, з турмы вывелі асоб, што прыйшлі на спатканні.

Источник: www.intex-press.by

Get real time updates directly on you device, subscribe now.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.