Хваля з паўмільёну ўцекачоў і мігрантаў захлынула Баранавічы 100 год таму. Тысячы з іх тут памерлі

Тысячы бежанцаў, што ірвуцца ў «шчаслівую» Еўропу, не навіна для Беларусі. Роўна 100 год таму, у 1921-22 гадах Баранавічы сталі цэнтрам, куды прыяджалі людзі, што вярталіся дахаты пасля Першай сусветнай вайны і польска-савецкай вайны. Больш за 500 тысяч чалавек, што ўцякалі з бальшавіцкай Расіі сядзелі на каратыне ў нашым горадзе. Дзясяць тысяч з іх памерлі ад тыфу і халеры тут, у лагеры рээвакуацыі.

Пад жыллё для бежанцаў выкарыстоўваліся розныя будынкі ў вайсковым гарадку. Фота: Przewodnik katolicki, 1922 №9

Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны 1920 года ў Беларусь, якая патрапіла ў склад Польшчы, сталі вяртацца мільёны ўцекачоў, якіх пры адступленні рускага войска ў 1915 годзе прымусілі з’ехаць у глыб Расійскай імперыі.

Уцякаючы ад савецкай улады, людзі часта пакідалі ўсю сваю маёмасць, каб толькі вярнуцца на родную зямельку. Аднак першы прыём на Бацькаўшчыне цёплым назваць было нельга.

Рэпатрыянты, якія прыблі на граніцу, чакаюць пад голым небам у мароз на давзол далейшага падарожжа. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Баючыся распаўсюду эпідэмій розных заразных хвароб, а таксама для рэгістрацыі ўцекачоў польскія ўлады стварылі ў Баранавічах адзін з галоўных цэнтраў па рээвакуацыі бежанцаў. Кожны, хто трапляў сюды, павінен быў праседзець у карантыне тыдзень.

Здаровых чакае мытная праверка рэчаў, што вязуць з бальшавіцкай Расіі. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Уцекачы жылі ў бараках вайсковага гарадка – насупраць Палескага вакзала. Пасля месца хапаць не стала, і бежанцаў перасялілі ў вагоны, што стаялі побач.

Пасля мытнай праверкі людзі маглі пагрэцца каля дабрачыннай печкі, якая моцна дыміць. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Толькі за першыя 9 месяцаў, з сакавіка 1921-га па студзень 1922 года, праз Баранавіцкі этапны пункт прайшло 350–400 тысяч чалавек, паведамляла газета “Беларусі звон” ад 13.01.1922 года. Штодня ў лагеры знаходзілася ад 4 да 15 тысяч чалавек. Былі часы, калі набівалася і 30 тысяч. Прытым што ў Баранавічах у той час жыло не больш за 10 тысяч насельніцтва.

Некаторыя, у гарачцы, не зважаючы на санітарныя правілы, п’юць з агульнага вядра са студняў з верхаводнай вадой. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Згодна са статыстыкай 80% уцекачоў, што патрапілі ў Баранавічы, складалі праваслаўныя беларусы з Гарадзеншчыны. Па сацыяльным складзе гэта былі сяляне-хлебаробы. Інтэлігенцыі было вельмі мала, бо яна пакінула Савецкую Расію яшчэ ў пачатку Кастрычніцкага перавароту.

Хворых на тыф перавозяць аўтамабілямі ў шпіталь. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Бежанцаў прывозілі на савецкіх цягніках да Стаўбцоў, дзе ў літаральным сэнсе выкідалі за дэмаркацыйную лінію разам з трупамі. Там людзей збіралі польскія ўлады, садзілі на цягнік і везлі ў Баранавічы.

У былых мураваных артылерыйскіх казармах няма гігіенічных умоваў для жылля. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

“Санітарны стан усіх уцекачоў не падаецца да апісання. Хваробы заразныя: тыфы ўсіх трох разрадаў, цынга, малярыя, крываўка – знаходзяць сабе якраз падхадзячы грунт і пашыраюцца. Нярэдкі выпадкі смерці і ад агульнага схудзення, – пісаў “Беларускі звон”. – З усяго ліку ўцекачоў, прапушчаных праз Баранавічы, памерла каля 3–4 тысяч чалавек; падчас маразоў штодня памірала 200–300 чалавек. Былі выпадкі, калі замярзалі цэлыя вагоны за адну ноч. З 26 на 27 снежня ў шпіталі памерла каля 40 чалавек”. Больш за ўсё цярпелі дзеці да 15 год і старыя людзі.

Памерлыя ў шпіталях, зваленыя бязладна, чакаюць пахавання. Не даехалі… . Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Санітарнай справаў у лагеры кіравала арганізацыя NNK, якая адгарадзіла дротам абшар, дзе жылі ўцекачы. Пад шпіталь на 300 асобаў аддалі стайні.

Тыф косіць усіх. На адным ложку ляжаць хворая маці і яе трое дзяцей. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Адзначалася, што большасць смерцяў адбывалася з-за хваробаў прывезеных з Расіі. Людзі ўтойвалі заразных у сям’і, баючыся, каб хворых не забралі. Чалавек паміраў падчас паездкі ў вагоне, ляжаў там 3–4 дні і заражаў усіх прысутных. Напрыклад, з 1300 уцекачоў у эшалоне з Саратава ў Баранавічы даехалі жывымі толькі 512 чалавек.

Толькі шчасліўчыкі патрапяць у намёты, дзе могуць пражыць некалькі тыдняў. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Першых памерлых хавалі на баранавіцкіх могілках (цяпер плошча Леніна) у трунах. Пазней за 30 крокаў ад шпіталя паставілі доўгія палаткі з брэзенту, куды нябожчыкаў складалі ў груды. Пасля памерлых адвозілі на могілкі і закопвалі ў агульнай яме. Як сцвярджаў баранавіцкі святар айцец Павел, які адпяваў нябожчыкаў, былі дні, калі трупярня (150 на 60 метраў) цалкам запаўнялася целамі памерлых. Пахаваннем і пераносам нябожчыкаў займаліся самі ўцекачы. Пазьней у польскіх СМІ пісалі, што агулам у Баранавічах памёрла каля 10 000 чалавек!

Часта можна бачыць, як з намётаў выносяць трупы замерзлых дзяцей. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

На ўсіх памерлых заводзілі асобныя дакументы – “карты смерці”. Карэспандэнт “Беларускага звону” бачыў цэлыя стосы такіх картак.

Адразу пасля прыезду ў лагер бежанцы рэгістраваліся. Усе прыехаўшыя мыліся ў лазні, ім рабіліся прышчэпкі ад розных хваробаў, праводзілася дэзінфекцыя адзежы. Але ўцекачоў было так многа і жылі яны ў такіх сціснутых умовах, што былі выпадкі, калі заражаліся і паміралі людзі, што прыехалі ў Баранавічы здаровымі. Ад вошай не было спасу. Як пісаў “Беларускі звон”, за бежанцамі назіраў толькі адзін наглядчык з пугаю ў руках. Ён і кіраваў усімі ўцекачамі. Бежанцам не было чым заняцца, і яны бадзяліся па лагеры.

Дэзінфекцыя рэчаў рээмігрантаў у Баранавічах. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №14

У Баранавічах над уцекачамі апекаваліся розныя грамадскія аб’яднанні. «Амерыканскі камітэт дапамогі дзецям» праводзіў інтэнсіўную працу. Нейкі час працаваў амерыканскі Чырвоны крыж. Амерыканская арганізацыя YMCA спрабавала ладзіць культурныя праграмы – ставіла спектаклі.

Кожны уцякач атрымліваў у дзень паўкілаграма хлеба і гарачы суп. На ўсіх бежанцаў была адна кухня. Людзям даводзілася стаяць у чарзе 8–12 гадзін.

Хлеб даводзіцца чакаць, доўга мерзнучы ў чарзе. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

У сярэднім людзей трымалі тыдзень у Баранавічах, пасля чаго яны з новымі дакументамі раз’язджаліся па дамах. Паліцэйскія праводзілі свае праверкі прыбыўшых і адсылалі назад у СССР “непажаданых элементаў”. І вось гэтага больш за ўсё баяліся бежанцы.

Рэпатрыянты з пакорай прымаюць свой лёс. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Адзінай згадкай пра тыя падзеі ў нашым горадзе цяпер застаецца абеліск, усталяваны на магіле 182 супрацоўнікаў рэпатрыяцыйнага этапу ў Баранавічах, якія загінулі, працуючы з уцекачамі. Дакладнай лічбы памерлых бежанцаў на сёння няма.

Абеліск на магіле 182 супрацоўнікаў рэпатрыяцыйнага этапу ў Баранавічах. Фота: Руслан РАВЯКА

Чытайте таксама: Як савецкі дыпламат расстраляў у Баранавічах двух польскіх паліцэйскіх

Источник: www.intex-press.by

Comments (0)
Add Comment