Фотарэпартаж. Адкрыццё выставы жывапісу знакамітага беларускага мастака Алеся Родзіна адбылося ў Баранавічах

Ад пейзажаў да эксперыментальных палотнаў. У Баранавічах адбылося адкрыццё выставы памяці знакамітага мастака-авангардыста Алеся Родзіна “Шлях, што абраў”.

Алесь Родзін – наш зямляк, ён нарадзіўся ў 1947 годзе ў Баранавічах. Калісьці ён вучыўся ў мастацкай школе № 1 і мастацкай студыі Віктара Вярсоцкага. Працягваў навучанне на аддзяленнях дызайну і жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце ў Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава, Хайма Ліўшыца.

На працягу свайго жыцця мастак зладзіў больш за 40 персанальных выстаў у Беларусі і за яе межамі. А ў 2016 годзе экспазіцыя яго работ праходзіла і ў Баранавічах, у гэтай самай выставачнай зале. Апроч жывапісу, Алесь Родзін займаўся інсталяцыйнымі аб’ектамі, фатаграфіяй, відэаартам, перформансам. Сярод яго работ – манументальныя палотны памерам у некалькі квадратных метраў, над кожным з якіх ён мог працаваць шмат гадоў запар. Яго як незвычайнага мастака, таленавітага эксперыментатара добра ведалі далёка за межамі Беларусі. Напрыканцы 2022 года Алесь Родзін сышоў, але яго творы і зараз застаюцца для многіх арыенцірамі на творчым небасхіле, і ніхто не стане спрачацца з тым, што ён аказаў вялікі ўплыў на сучаснае мастацтва Беларусі.

– Работы гэтага мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску, у прыватных калекцыях па ўсім свеце. Тры карціны ёсць і ў нашых фондах, – расказала дырэктар Баранавіцкага краязнаўчага музея Наталля Шастак. – Прыгажосць лечыць нашы душы, нагадвае пра тое, што мы прыйшлі ў гэты свет рэалізаваць сябе, адкрыць ў сабе лепшае з таго, што дала нам прырода. Дазваляе хоць ненадоўга адарвацца ад штодзённасці і паглыбіцца ў чароўны свет мастацтва.

Урачыстасці і самабытнасці моманту адкрыцця выставы надало выступленне народнага ансамбля народнай песні “Дзівосы” Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа (кіраўнік Таццяна Нішкевіч, канцэртмайстар Іван Кусцінскі).

Ганаровымі гасцямі сталі сябры Алеся Родзіна – харэограф Алена Прохарава, мастак і даследчык-архівіст (а таксама куратар выставы) Зміцер Юркевіч, выдатны баранавіцкі мастак Іосіф Галяк, паэт Алесь Белы і іншыя.

Выставу можна наведаць да 17 сакавіка.

Алена РАКУЦЬ

Фота аўтара

Comments (0)
Add Comment